ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,

ваенна-палітычная арг-цыя ўкр. казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т.л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)